Калі салдаты паўднёваамерыканскай Гаяны дабраліся да паселішча Джонстаўн, іх вачам адкрылася страшнае відовішча. Усюды ляжалі шпрыцы, пластыкавыя кубачкі — і трупы, горы трупаў. Іх было пад тысячу, у тым ліку — мноства дзяцей. Тое, што ўбачылі салдаты, было вынікам аднаго з самых масавых калектыўных самагубстваў XX стагоддзя: больш за 900 чалавек пазбавілі сябе жыцця. Як адбылася гэтая трагедыя? Чыя злая воля прывяла да гібелі такой колькасці людзей? Ці быў супраціў і ці ўдалося камусьці выжыць? Расказваем гісторыю Джонстаўна.
Дзіцячыя казані і першыя маніпуляцыі
«Злым геніем» быў Джым Джонс, які нарадзіўся ў 1931 годзе ў амерыканскім штаце Індыяна. Яго бацька стаў ахвярай газавай атакі падчас Першай сусветнай вайны, таму асноўнай карміцелькай была маці. Дзяцінства Джыма прыпала на гады Вялікай дэпрэсіі.
«Усе хлапчукі гулялі ў паліцэйскіх і злодзеяў, але маленькі Джым гуляў у прапаведніка, — пісаў Джэймс Бойл у кнізе „Секты-забойцы“. — У восем гадоў ён ужо шпарыў на памяць вялізныя цытаты з Бібліі. З людзьмі ён ладзіў кепска і ўсю сваю любоў скіроўваў на жывёл: падбіраў на вуліцы кінутых катоў і сабак, дома выходжваў іх. Праўда, праз шмат гадоў відавочцы пачалі ўспамінаць, што яго падапечныя звяркі часта паміралі — тады хлопчык ладзіў ім пышнае пахаванне, чытаў памінальную малітву і горка аплакваў страту» (хоць, імаверна, сам іх і забіваў).
Як піша Бойл, маці пашыла Джыму для гульняў убор святара. «Да дванаццаці гадоў ён стаў мясцовай знакамітасцю: натоўпы юных гледачоў збіраліся паслухаць, як ён вяшчае пра геену вогненную і смаляны вар, а некаторыя пасля гэтага паслухмяна ішлі за ім да ручая „хрысціцца“. Калі ён вяртаўся дадому, у кішэні яго заўсёды пазвоньвала дробязь, бо пышная цырымонія, якую ён ладзіў, была не бясплатнай». Як відаць, ужо тады Джонс умела аб’ядноўваў веру і бізнес. Праводзячы на гарышчы свірна невялікія царкоўныя службы, ён замыкаў там сваіх таварышаў. Пазней ён выкарыстоўваў агнястрэльную зброю, спрабуючы кантраляваць свайго найлепшага сябра.

Харызмы ў Джыма хапала з лішкам. У 17 гадоў ён ажаніўся з 21-гадовай дзяўчынай. На той час юнак вучыўся на святара ў мясцовым універсітэце і адначасова наведваў сходы камуністычнай партыі. Пазней ён перастаў падтрымліваць сувязь з камуністамі, але іх ідэі відавочна паўплывалі на яго светапогляд.
У сярэдзіне 1950-х Джонс вырашыў стварыць у Індыянапалісе, сталіцы штата Індыяна, уласную царкву. Паводле адных звестак, пяцідзясятніцкая царква «Крылы вызвалення»з’явілася ў 1955 годзе, паводле іншых — у 1957-м. Джонс прадаў партыю малпаў з Паўднёвай Амерыкі — 29 даляраў за кожную (эквівалент 327 даляраў сёння), на атрыманыя грошы арандаваў памяшканне склада, дзе і адкрыў свой храм.
У 1959-м у Сям'і Джонса нарадзіўся сын, а потым яны ўсынавілі трох сіротаў з прытулку: двух азіяцкага паходжання і аднаго афраамерыканца. Цікава, што ў дзяцінстве Джым быў расістам, але цяпер вырашыў прыстасавацца да новых рэалій. Барацьба за роўнасць цемнаскурага і белага насельніцтва ў ЗША набірала абароты, а большасць патэнцыйных вернікаў былі акурат афраамерыканцамі.
У 1960 годзе абшчына, пераназваная да таго часу ў «Храм народаў», далучылася да амерыканскай царквы «Вучні Хрыста». Праз чатыры гады Джонс атрымаў у гэтай царкве афіцыйны статус святара. Хоць некаторым царкоўным іерархам не падабалася аб’яднанне белага і цемнаскурага насельніцтва.
Паводле даследчыкаў, у той час сярод вернікаў было шмат «прыстойных, працавітых, сацыяльна свядомых людзей, у тым ліку высокаадукаваных», якія «хацелі дапамагаць сваім блізкім і служыць Богу». «Храм народаў» прапагандаваў сацыялізм і супольнае жыццё (водгалас камуністычных ідэй), вабіў многіх расавай роўнасцю.
Джонс набыў рэпутацыю харызматычнага, але эксцэнтрычнага прапаведніка. Ён сцвярджаў, што мае экстрасэнсорныя здольнасці — можа прадказваць будучыню і цудоўным чынам ацаляць хворых. Дасягалася гэта простымі фокусамі: спецыяльна нанятыя людзі гулялі ролю калек, а потым, нібыта вылечаныя Джонсам, адкідалі мыліцы або ўставалі з інвалідных вазкоў. У яго таксама былі свае інфарматары, якія збіралі плёткі, каб прапаведнік потым мог публічна пасарамаціць вернікаў за іх «таемныя намеры».

«Храм народаў» стаў вядомы як месца, дзе маламаёмасныя маглі атрымаць ежу, начлег і працу (на невялікіх прадпрыемствах, заснаваных самім Джонсам. Ён умела адчуваў настроі грамадства і рэгулярна выводзіў паству на акцыі (напрыклад, за раўнапраўе). Гэта забірала ўвагу СМІ. Аднак паступова па горадзе папаўзлі чуткі пра тое, што прапаведнік — ашуканец. Тады ён вырашыў змяніць месца жыхарства.
Джонс абвясціў парафіянам, што да яго з’явіўся сам Бог і папярэдзіў пра хуткі ядзерны выбух, пасля якога на зямлі ацалеюць ўсяго два гарады: бразільскі Бэлу-Арызонтэ (дзе ён бываў у 1962 годзе) і Юкія ў Каліфорніі. Другая была нашмат бліжэй — і менавіта туды ў 1965 годзе Джым і перасяліўся з сям’ёй і прыкладна сотняй паслядоўнікаў. Ядзернага выбуху не адбылося, але паству гэта не збянтэжыла. У 1970 годзе Джонс пачаў праводзіць службы ў Сан-Францыска, а да 1972-га адкрыў яшчэ адзін храм у Лос-Анджэлесе.
Прарок і палітыка
Пераезд у Каліфорнію супаў з пераменамі ў характары Джонса. Ён пачаў называць сябе «Прарокам» і сцвярджаць, што ён рэінкарнацыя Хрыста і Буды. Цяпер ён адкрыта казаў, што яго мэтай заўсёды быў камунізм, а рэлігія — толькі спосаб зрабіць ідэалогію марксізму больш прымальнай.
Джым выглядаў паважаным святаром. У яго было каля 8 тысяч паслядоўнікаў, у асноўным афраамерыканцаў, сувязі ў прэсе і сярод палітыкаў. Апошнія асабліва яго цанілі. Джонс мог у любы момант арганізаваць масоўку — прывезці на аўтобусах сваіх паслухмяных вернікаў на дэманстрацыі, мітынгі ці выбарчыя ўчасткі. Так, у 1975 годзе ён падтрымаў кандыдата-дэмакрата Джорджа Масконэ на выбарах мэра Сан-Францыска. Кантроль за галасаваннем быў слабы, і Джонс зрабіў каруселі: яго людзі галасавалі шмат разоў на розных участках.

З іншага боку, Джонс пачаў шантажаваць Масконэ сваёй падтрымкай, сувязямі палітыка з жанчынамі і іншымі кампраметавальнымі матэрыяламі. У 1976 годзе мэр прызначыў прапаведніка ва ўпраўленне жыллёвага будаўніцтва Сан-Францыска, а потым зрабіў яго старшынёй гэтай структуры. Джым імкнуўся пасяліць сваіх вернікаў у грамадскае жыллё і прасунуць сваіх прыхільнікаў у жыллёвае кіраванне. Гэта быў ужо сапраўдны паход ва ўладу.
Адначасова прапаведнік умацоўваў кантроль над абшчынай. Яе чальцоў рэгулярна прыніжалі, збівалі і шантажавалі. Многіх апрацоўвалі так, каб яны перапісалі сваю маёмасць (у тым ліку нерухомасць) на царкву. Потым людзі абвінавачвалі Джонса ў незаконным выкарыстанні грошай вернікаў для асабістых мэтаў. Сямейнікаў трымалі асобна і заахвочвалі даносіць адно на аднаго. Прапаведнік змусіў прыхаджан падпісаць ілжывыя прызнанні, што яны нібыта разбэшчвалі сваіх дзяцей. Гэта рабілася для шантажу ў будучыні. Акрамя таго, людзей пераконвалі, што любы чалавек па-за групай — вораг. Гэта была класічная секта.
Паступова гэтая інфармацыя прасачылася ў публічную прастору. Рэпарцёр Маршал Кілдруф узяўся пісаць матэрыял. «Як толькі Джонсу данеслі пра падрыхтоўку артыкула, прыхаджане „Храма“ завалілі рэдакцыю лістамі ў падтрымку Джонса, а ў будынак рэдакцыі ноччу праніклі злодзеі і выкралі чарнавік артыкула Кілдруфа», — пісаў Джэймс Бойл. І ўсё ж у жніўні 1977 года выкрывальны матэрыял пабачыў свет. Джонса абвінавачвалі ў махлярстве, гвалтаванні малагадовых, абразе і ў злачынным вымагальніцтве нібыта на патрэбы «Народнага храма»", — пісаў Джэймс Бойл.

Уцёкі і плантацыя
Джонс аказаўся дальнабачным — яшчэ ў 1974 годзе ён пачаў будаваць сельскагаспадарчую камуну ў Гаяне, назваўшы яе ва ўласны гонар Джонстаўнам. Плошча паселішча складала 1,6 тысячы гектараў, праўда, зямля там была неўрадлівай, а крыніцы прэснай вады — абмежаванымі. Сітуацыю пагаршала перанаселенасць тэрыторыі.
Чаму ж Джонс выбраў менавіта Гаяну? Гэта была адзіная англамоўная краіна Паўднёвай Амерыкі, што вырашала праблему моўнага бар’ера з камунікацыі з уладамі. Да таго ж сімпатыі мясцовага ўрада да сацыялізму дазвалялі спадзявацца на добразычлівасць да праекта.
Калі ў ЗША выбухнуў скандал, Джонс хутка прыняў рашэнне пра масавы пераезд. Рэлігійныя арганізацыі ў Амерыцы былі вызваленыя ад падаткаў, і пазбаўленне гэтага статусу магло разбурыць яго паспяховы бізнес. У 1977 годзе ён разам з сотнямі паслядоўнікаў спешна эміграваў ва ўжо амаль гатовае паселішча.
Вось толькі замест рэлігійнай абшчыны Джонс фактычна стварыў таталітарную калонію, дзе людзей, можна сказаць, трымалі ў закладніках. Адразу па прыбыцці ён забраў у паслядоўнікаў пашпарты і ўсе грошы, уключаючы пенсіі і сацыяльныя дапамогі — агулам мільёны даляраў.
«Джонстаўн быў, па сутнасці справы, плантацыяй, якой кіравала сямейства Джонсаў са сваёй белай світай, а чорная большасць з раніцы да вечара працавала на палях, у трапічную спёку, пад наглядам белых ахоўнікаў, якія заўважалі кожны рух і кожны позірк. Працоўны дзень пачынаўся, а сёмай раніцы і заканчваўся з заходам сонца, потым ішлі абавязковыя для ўсіх сходы, якія часам зацягваліся да дзвюх-трох гадзін ночы — пакуль людзі не падалі ад знямогі», — пісаў Бойл.

Падчас працы ў палях жыхары калоніі былі вымушаныя слухаць па радыё бязладныя маналогі Джонса. За выкананнем яго загадаў сачылі ўзброеныя ахоўнікі. За найменшае непаслушэнства людзей жорстка каралі — шантажавалі, збівалі, падвяргалі публічнай знявазе.
Улады Гаяны практычна не ўмешваліся ў жыццё калоніі. У чэрвені 1978 года амерыканскаа амбасада паведамляла ў Дзярждэпартамэнт ЗША, што Джонстаўн не кантралюецца мясцовым урадам. Прычынамі былі аддаленасць паселішча, перагружанасць чыноўнікаў і адсутнасць у іх цікавасці да замкнёнай суполкі, якая пазбягала кантактаў з мясцовым насельніцтвам. Джонс стварыў сапраўдную дзяржаву ў дзяржаве, са сваёй адміністрацыяй, паліцыяй, пажарнымі, сістэмай адукацыі і аховы здароўя.
Што адбывалася ўнутры, амаль ніхто не ведаў, бо жыхароў абшчыны не выпускалі, а збегчы з Джонстаўна было практычна немагчыма. Аднак у траўні 1978 года адной жанчыне гэта ўдалося (праўда, шчаслівым вынік не назавеш: пакуль яна дабіралася да ЗША, у Джонстаўн прыбылі яе брат і нявестка, якіх яна не паспела папярэдзіць і адгаварыць ехаць). Гэтая жанчына паведаміла журналістам і Дзярждэпартаменту ЗША пра невыносныя ўмовы жыцця ў калоніі. А яшчэ — пра падрыхтоўку там масавага самагубства.
Нараджэнне ідэі
Думка пра калектыўны суіцыд з’явілася ў Джонса яшчэ ў 1960-х гадах. Тады ён даведаўся пра Святога Айца — так называў сябе амерыканскі прапаведнік, які працаваў сярод афраамерыканцаў. «Калі б Айцец загінуў, гэта непазбежна прывяло б да масавых самагубстваў неграў — яго паслядоўнікаў», — запэўнівала жонка прапаведніка ў яго біяграфіі. Аднак калі ён насамрэч памёр, ніякіх самагубстваў не здарылася. Пасля гэтага Джонс даў сабе зарок, што з ім такога не будзе — яго смерць абавязкова выкліча хвалю самагубстваў сярод паслядоўнікаў.
Яшчэ ў 1973 годзе, знаходзячыся ў ЗША, Джонс пачаў рыхтаваць глебу для гэтай ідэі. Калі восем вернікаў пакінулі «Храм» праз забарону на сэксуальныя адносіны, ён сабраў 30 найбліжэйшых паплечнікаў у сябе дома і заявіў: «Дзеля захавання апостальскага сацыялізму мы ўсе павінныя забіць сябе і пакінуць запіску, у якой гаварылася б, што праз пераслед сацыялістычная група не можа існаваць у цяперашні час». Дарэчы, на самога Джонса сэксуальныя забароны не распаўсюджваліся: ён выхваляўся, што аднойчы меў сувязь з 14 жанчынамі і двума мужчынамі цягам аднаго дня.

Пасля пераезду ў Гаяну Джонс пачаў рэгулярна праводзіць так званыя «белыя ночы» — сходы, на якіх паства галасавала за калектыўнае самагубства. Гэта была своеасаблівая праверка адданасці. Джонс раздаваў людзям маленькія кубкі з вадкасцю, якая нібыта змяшчала яд, і патрабаваў выпіць яе. Калі ўсе падпарадкоўваліся, ён паведамляў, што гэтым разам яду там не было, але папярэджваў, што аднойчы ён яго падсыпе. Для пераканаўчасці Джонс нават закупляў цыянід.
Каб трымаць паслядоўнікаў у пастаянным страху, Джонс распаўсюджваў чуткі пра хуткі напад амерыканскіх спецслужбаў на Джонстаўн і нават інсцэніяваў такія атакі. Падчас адной з такіх ілжывых аблогаш да абшчыны па радыё звярталася Анджэла Дэвіс, вядомая актывістка амерыканскага камуністычнага руху, выказваючы салідарнасць з «цкаваным» прапаведнікам.
Забойства кангрэсмена
У 1978-м сітуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю Джонса. Пасля ўцёкаў жыхаркі абшчыны і агалоскі ў СМІ сваякі вернікаў, якія доўга не атрымлівалі лістоў ад блізкіх, забілі трывогу і пачалі патрабаваць расследавання.
14 лістапада 1978 года з Каліфорніі ў Джорджтаўн, сталіцу Гаяны, прыляцеў амерыканскі кангрэсмен Леа Раян, каб разабрацца ў сітуацыі. Яго суправаджала група рэпарцёраў і сваякоў сектантаў. Толькі 17 лістапада Джонс неахвотна даў дазвол наведаць калонію. Перад прыездам дэлегацыі насельнікаў Джонстаўна папярэдзілі, што трэба быць напагатове. Гучнагаварыцелі нагняталі: «Кожны, хто зробіць нешта не так, будзе жорстка пакараны».

Першы дзень візіту прайшоў ва ўзорна-паказальнай атмасферы. Аднак адна сямейная пара ўсё ж здолела перадаць журналісту (якога прыняла за Раяна) запіску: «Калі ласка, дапамажыце нам выбрацца з Джонстаўна». Неўзабаве з’явіліся і іншыя ахвотныя пакінуць калонію.
Джонс успрыняў гэта як здраду і ўдар у спіну. На той момант ён быў у неадэкватным стане праз прыём розных прэпаратаў — пазней на ўскрыцці выявяць высокі ўзровень супакаяльных у крыві. Джонс даўно быў залежны ад транквілізатараў і іншых рэчываў, што, імаверна, тлумачыла яго ўсё больш непрадказальныя паводзіны ў апошнія гады жыцця.
На другі дзень візіту, 18 лістапада, Леа Раян вырашыў вяртацца дадому. Разам з ім і іншымі чальцамі дэлегацыі ў грузавік селі 14 ці 15 членаў абшчыны, якія хацелі пакінуць Джонстаўн. Яшчэ на тэрыторыі паселішча на кангрэсмена спрабаваў напасці адзін з сектантаў, але яго своечасова спынілі.
Грузавік скіраваўся да ўзлётна-пасадачнай паласы, размешчанай недалёка ад калоніі. Пакуль дэлегацыя чакала пасадкі, да іх пад’ехаў цягач з прычэпам, поўны ўзброеных людзей, адпраўленых Джонсам. «Яны выскачылі і пачалі страляць. Калі я спрабаваў схавацца за адным з колаў самалёта, у мяне трапіла куля. На шчасце, мяне паранілі толькі пару разоў у руку, і я змог ускочыць і збегчы ў джунглі, каб схавацца», — расказваў журналіст Цім Рэйтэрман.
У выніку нападу пяць чалавек былі забытыя — кангрэсмен Раян, трое журналістаў і адзін уцякач з Джонстаўна. Яшчэ 11 чалавек атрымалі раненні, але здолелі схавацца ў суседнім лесе.

Калектыўны суіцыд
Атрымаўшы вестку пра напад на ўзлётнай паласе, Джонс зразумеў, што яго імперыя разбураецца. У той жа дзень, 18 лістапада, ён перадаў па радыё загад здзейсніць самагубства тым чальцам «Храма народаў», якія былі за межамі Джонстаўна. У сталіцы Гаяны адна жанчына, падпарадкаваўшыся, перарэзала горла сваім двум маленькім дзецям, а потым яна і яе старэйшая дачка адначасова перарэзалі горла адна адной. Аднак астатнія паслядоўнікі, якія знаходзіліся ў горадзе (у тым ліку сыны Джонса), адмовіліся выконваць загад і засталіся жывыя.
Тым, хто знаходзіўся ў Джонстаўне, прапаведнік загадаў прыгатаваць смяротны кактэйль. У яго склад уваходзілі цыянід, дыязепам (супрацьтрывожны сродак), праметазін (супакаяльны), хларалгідрат (снатворны) і араматызаваныя парашкі-канцэнтраты (кшталту «Юпі») для напояў Flavor Aid і Kool-Aid. Адсюль пазней з’явіўся фразеалагізм «Drinking the Kool-Aid», які азначае сляпое, безумоўнае прыняцце смяротнай ці вар’яцкай ідэі.
Пасля падрыхтоўкі сумесі Джонс, паведаміўшы пра забойства кангрэсмена, прапанаваў вернікам варыянты: застацца і змагацца з уяўнымі захопнікамі, якія нібыта будуць помсціць за забойства Раяна; выправіцца ў СССР ці ў джунглі Гаяны; альбо здзейсніць «рэвалюцыйнае самагубства» — масавы суіцыд як акт палітычнага пратэсту. Існуе поўная расшыфроўка гэтага абмеркавання. Хтосьці спрабаваў выступаць за СССР, але Джым, які настойваў на суіцыдзе, хутка ўзяў верх.

Пачаўся страшны рытуал. Спачатку атрутны кактэйль запырсквалі шпрыцам у раты немаўлятам і дзецям. Іх плач і крыкі былі запісаныя на аўдыёстужку, якую пазней знайшлі спецслужбы. У некаторых выпадках медсёстры сілай забіралі дзяцей у бацькоў. Потым атруту пачалі прымаць дарослыя, якім дазвалялі піць з кубкаў.
Многія не хацелі паміраць, і Джонс выкарыстоўваў розныя маніпуляцыі: адных спакушаў будучай рэінкарнацыяй, іншых палохаў, што хутка прыйдзе армія, людзей будуць катаваць, а мужчын каструюць. Некаторых цягунлі да атруты сілай, іншых збівалі. Нехта спрабаваў уцячы — іх застрэлілі ахоўнікі.
Сам Джонс памёр ад агнястрэльнага ранення ў галаву — хутчэй за ўсё, застрэліўся. Імаверна, убачыўшы пакутлівую гібель сваіх паслядоўнікаў, якія паміралі ў курчах з пенай на вуснах, ён вырашыў унікнуць такога канца.
Войскі Гаяны з’явіліся ў Джонстаўне толькі на наступны дзень. Іх вачам адкрылася жудасная карціна: сотні целаў, акуратна выкладзеных шэрагамі, тварам уніз. Перад смерцю людзям загадалі легчы менавіта так. Ахоўнікі хадзілі ўздоўж шэрагаў і мыскамі чаравікаў раўнялі целы, ствараючы роўныя лініі, а потым таксама забілі сябе.
Усяго загінула 913 чалавек, з іх 304 — дзеці, малодшыя за 18 гадоў. Разам з пяццю людзьмі, забітымі на ўзлётнай паласе, агульная колькасць ахвяр склала 918 чалавек.
Трагедыя выжылых
Выжылы журналіст Цім Рэйтэрман лічыў, што тое, што адбылося ў Джонстаўне, правільней называць не самагубствам, а масавым забойствам. Ён падкрэсліваў відавочны факт: дзеці не маглі самі хацець памерці. Да таго ж людзі знаходзіліся ў поўнай ізаляцыі, а вакол стаяла ўзброеная ахова са стрэльбамі і арбалетамі. Фактычна ў іх не было выбару.

Колькасць выжылых у розных крыніцах называецца розная: ад 33 да 100 чалавек. Сярод іх — 11 уцекачоў (уключаючы чатырох маленькіх дзяцей), якія прайшлі амаль 40 кіламетраў праз джунглі да найбліжэйшага горада. Яшчэ 14 чалавек выратаваліся падчас засады ў аэрапорце, у тым ліку пяцёра падлеткаў, якія ўцяклі ў джунглі і былі знойдзеныя праз тры дні. Таксама некаторыя людзі, якія знаходзіліся ў лагеры, схаваліся, а адна пажылая жанчына, на шчасце для сябе, проста праспала сход і самагубства.
Многія з тых, хто выратаваўся, так і не змаглі вярнуцца да нармальнага жыцця. Жонка аднаго ўспамінала: «Часта, асабліва напярэдадні гадавіны, яму сніліся кашмары. Ён быў паранаідальным, спаў са зброяй і нажамі, заўсёды падазрона ставіўся да ўсіх».
Ніхто не адказаў
Пасля трагедыі на месцы лагера знайшлі схованку з агнястрэльнай зброяй, сотні складзеных разам пашпартоў і буйныя сумы грошай — паводле розных звестак, ад 500 тысяч да мільёна даляраў (эквівалент цяперашніх 2,4−4,8 млн). Яшчэ не менш за 10 млн даляраў знайшлі ў швейцарскіх банках. Характэрна, што сам Джонс не карыстаўся гэтымі багаццямі і жыў у невялікім сціплым агульным доме.
Амерыканскія ўлады спачатку хацелі пахаваць целы на месцы, прапаноўваючы ўраду Гаяны аплаціць выдаткі. Але тыя адмовіліся ўдзельнічаць у пахаванні, а сем'і загінулых патрабавалі вярнуць сваіх блізкіх. У выніку транспартаванне ўзяла на сябе амерыканская армія.
Салдаты, якія сутыкнуліся з жахам Джонстаўна, былі глыбока траўмаваныя: выгляд трупаў маленькіх дзяцей не даваў многім спаць начамі, пах раскладзеных у трапічным клімаце целаў надоўга застаўся ў памяці. Больш за дзвесце расклаліся настолькі, што іх не змаглі апазнаць. Да красавіка 1979 года сваякі забралі больш за трыста целаў.
Яшчэ больш за пяцьсот засталіся на базе ВПС ЗША. Многія сем'і не маглі дазволіць сабе аплаціць транспартныя выдаткі ў 500 даляраў. Акрамя таго, могілкі часта адмаўляліся прымаць целы, баючыся, што месцы пахавання стануць аб’ектамі паломніцтва для астатніх паслядоўнікаў Джонса. Урэшце могілкі ў каліфарнійскім Оклендзе пагадзіліся пахаваць незапатрабаваныя целы.

Судзіць за гэтую трагедыю аказалася практычна няма каго. З усіх, хто ў той дзень знаходзіўся ў Джонстаўне, пад суд пайшоў толькі Лары Лэйтан, адзін з падначаленых Джыма Джонса, які ўдзельнічаў у нападзе на аэрадроме. Яго прызналі вінаватым у падбухторванні да забойства кангрэсмена Раяна і асудзілі на пажыццёвае зняволенне, але ў 2002 годзе выпусцілі на волю.
За гібель 918 чалавек так ніхто і не адказаў. Аж да тэрактаў 11 верасня 2001 года разня ў Джонстаўне заставалася найбуйнейшым выпадкам наўмыснай аднамомантнай гібелі амерыканскіх грамадзян у мірны час.
Чытайце таксама


