Літоўская мытня выпусціла тлумачэнні, што можна будзе правезці ў краіну з Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.
«Забарона не распаўсюджваецца на тавары, якія перавозяцца транзітам, а таксама тавары, якія прызначаныя толькі для асабістага выкарыстання падчас паездкі (г. зн. упакоўкі былі ўскрытыя)», — гаворыцца ў паведамленні.
У літоўскай мытні ўдакладнілі, што забарона таксама не распаўсюджваецца на прадукты, неабходныя ў падарожжы, — але яны таксама мусяць быць у адкрытых упакоўках.
Нагадаем, з 3 чэрвеня ўрад Літвы ўвёў новы пералік тавараў, якія забароненыя для імпарту з Беларусі і Расіі. У спіс трапілі жывыя жывёлы, мяса і субпрадукты, рыба, малако і прадукты з яго, яйкі, натуральны мёд, расліны, гародніна, садавіна, кава, збожжавыя, крупы, алей, напоі, тытунёвыя вырабы і іншыя прадукты — усяго больш за 2800 пазіцый.
Праз гэтыя санкцыі на мяжы з Літвой узніклі праблемы — у літоўскіх пунктах пропуску тым, хто заязджаў з Беларусі, прапаноўвалі выкідваць прадукты, напоі (у тым ліку звычайную ваду), цыгарэты, лекі і іншыя тавары, нават тыя, якіх няма ў абмежавальным спісе. У пакоях надгляду ўтварыліся горы з выкінутых прадуктаў.
3 чэрвеня Офіс Святланы Ціханоўскай паведаміў, што былі праведзеныя кансультацыі з літоўскімі ведамствамі з нагоды забароны на правоз прадуктаў праз мяжу. У Офісе заявілі, што «вельмі спадзяюцца», што санкцыі на ўвоз аграпрамысловай прадукцыі фізічнымі асобамі з Беларусі ў Літву будуць «змякчаныя або ўдакладненыя».