У ГУБАЗіК далі справаздачу пра затрыманне пяці чалавек. Прэтэнзіі з боку сілавікоў да кіраўнікоў фірмаў і выкладчыкаў польскай мовы ўзніклі праз тое, што яны дапамагалі беларусам атрымаць карту паляка.
«Аказалася, некаторыя праваднікі польскіх інтарэсаў датычныя да фінансавання і спрыяння экстрэмісцкай дзейнасці. Што зусім не дзіўна… Ну, а папаўненне ў базы ўладальнікаў карт паляка — вельмі хутка адаб’ецца на лёсе патэнцыйных здраднікаў», — заявілі сілавікі.
«Індывідуальны прадпрымальнік. Вучыў грамадзян Беларусі польскай мове, а таксама спрыяў у атрыманні карты паляка. У 2020 годзе я неаднаразова ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, таксама я скідваў перамяшчэнні сілавікоў, пісаў абразы ў адрас міліцыі, а таксама заклікаў да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў АМАП», — кажа адзін з затрыманых.
«Я з’яўляюся дырэктарам школы замежных моваў, вучу польскай мове на здачу карты паляка», — кажа іншая затрыманая.
Усяго ў відэа паказалі пяць затрыманых чалавек.
Сілавікі не растлумачылі, з якога часу карта паляка аказалася па-за законам у Беларусі.
Што гэта за дакумент і што ён дае
Паводле афіцыйнага вызначэння, гэта дакумент, які пацвярджае прыналежнасць яго ўладальніка да польскага народа (але не робіць аўтаматычна чалавека грамадзянінам Польшчы, хоць і значна палягчае працэдуру атрымання грамадзянства).
Карта паляка дае свайму ўладальніку шэраг ільгот як на тэрыторыі Польшчы, так і што да пытанняў уезду ў краіну (падкрэслім, што візы для наведвання краіны ўладальнікам карты па-ранейшаму патрэбныя, калі толькі яны не грамадзяне дзяржавы, якая мае з Польшчай бязвізавы рэжым). Пералічым асноўныя:
- уладальнікі карты паляка вызваленыя ад консульскіх аплат за разгляд іх заявак на атрыманне нацыянальных польскіх візаў, а таксама ад аплат за разгляд і наданне польскага грамадзянства;
- уладальнікі карты падчас афармлення заяўкі на пастаяннае знаходжанне ў Польшчы могуць атрымаць грошы на кампенсацыю выдаткаў для кожнага члена сям'і на першы час (да 9 месяцаў), а таксама ў першую чаргу атрымліваюць фінансавую дапамогу, скіраваную на падтрымку палякаў за мяжой;
- людзі з картай паляка вызваленыя ад абавязку атрымліваць дазвол на працу ў Польшчы, могуць весці бізнес і атрымліваць у краіне адукацыю на тых самых правах, што і грамадзяне, атрымліваць тэрміновую медыцынскую дапамогу за кошт бюджэту, карыстацца дапамогай польскіх дыпламатаў у прадстаўніцтвах за мяжой;
- уладальнікі карты маюць права на 37-працэнтную зніжку на чыгуначныя білеты, могуць бясплатна наведваць дзяржаўныя музеі.
Таксама ўладальнікі карты паляка, атрымаўшы дазвол на пастаяннае пражыванне ў Польшчы, ужо праз год могуць падаваць дакументы на атрыманне грамадзянства.